27 ноября 2023
Падарунак бібліятэцы
У Мядельскай раённай бібліятэцы імя Максіма Танка радасная падзея — атрымалі новы аўтамабіль «Сітраен Джампер Меркурый». Набыты ён на роўнадолевых умовах з бюджэту Мінскага аблвыканкама і Мядзельскага райвыканкама. Машына будзе выкарыстоўвацца для абслугоўвання жыхароў населеных пунктаў, дзе адсутнічае стацыянарная бібліятэка. Аўтабібліятэка дазваляе давезці бібліятэчныя паслугі да кожнага населенага пункта, кожнага жыхара ў адпаведнасці з яго запытамі і інтарэсамі. Яе работа арганічна ўпісваецца ў сістэму бібліятэчнага абслугоўвання насельніцтва, стварае новы сацыяльны фармат жыцця вяскоўцаў. Кожны тыдзень бібліятэчныя работнікі выязджаюць па адным з пяці маршрутаў, дзе іх з нецярпеннем чакаюць чытачы. Зараз аўтабібліятэка абслугоўвае больш за 250 чытачоў у 48-мі населеных пунктах. Гэта людзі рознага ўзросту: дзеці, моладзь, дарослыя, але пераважаюць усё ж пажылыя. Для іх наведванне аўтабібліятэкі — асаблівая разнастайнасць штодзённага жыцця, магчымасць сустрэцца з цікавымі суразмоўцамі, даведацца аб чымсьці новым. Сельскія жыхары ўдзячны за такую форму абслугоўвання кнігай, адчуваюць увагу і клопат. Часта вяскоўцы запрашаюць бібліятэкараў на кубак гарбаты, частуюць выпечкай, садавіной. Калі ёсць жаданне, каб аўтабібліятэка завітала і ў ваш населены пункт, можна патэлефанаваць у цэнтральную раённую бібліятэку імя Максіма Танка па нумары 40-0-54 і дамовіцца.
Источник: https://narachanka.by/