16 апреля 2024
«Прыгажосць Божага свету»
У Палацы культуры Маладзечна адбылося мерапрыемства, прысвечанае Дню праваслаўнай кнігі. На ім падвялі вынікі рэгіянальнага этапу міжнароднага конкурсу дзіцячай творчасці «Прыгажосць Божага свету». З Мядзельскага благачыння ўдзельнічала 12 дзяцей. А Анжэла Пратасеня падала нават два малюнкі. Вызначала пераможцаў рэгіянальнага этапу конкурсу журы, у якім былі і святары, і мастакі. Старшыня журы — епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел.
Па выніках адборачнага этапу для далейшага ўдзелу ў конкурсе журы выбрала 13 работ — сярод іх і малюнак мядзяльчанкі Віялеты Ходзінай. Адзначылі на падвядзенні вынікаў не толькі фіналістаў — усіх удзельнікаў узнагародзілі дыпломамі і памятнымі падарункамі. — Вельмі рада за Віялету і за ўсіх нашых дзяцей, хто адважыўся ўдзельнічаць у конкурсе, — дзеліцца кіраўнік нядзельнай школы прыходу храма Святой Жываначальнай Троіцы Мядзела Алена Малько. — Дапамагала дзецям настаўнік выяўленчага мастацтва Марына Новак. Хлопчыкам і дзяўчынкам надае ўпэўненасці і наш настаяцель царквы айцец Ігар, які заўсёды падтрымлівае і падбадзёрвае дзяцей, імкнецца заахвоціць усіх удзельнікаў конкурсаў.
Источник: http://narachanka.by