2 мая 2024
Святочная маёўка, прысвечаная Першамаю
У Мядзеле на вуліцы Шаранговіча дружна сабраліся прадстаўнікі працоўных калектываў горада, грамадскіх арганізацый і галіновых прафсаюзаў на святочную маёўку, прысвечаную святу 1 Мая.
Напачатку ўсіх шчыра прывітала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Святлана Чарняўская. Згадала пра 120-годдзе прафсаюзнага руху, якое адзначаецца сёлета, а таксама пра свята Першамая, якое заўсёды ўвасабляецца з мірнай стваральнай працай на карысць Айчыны. Падзякавала жыхарам Мядзельшчыны — прадстаўнікам усіх галін народнай гаспадаркі, малога бізнесу, якія ўносяць важкі ўклад у развіццё сваёй малой радзімы і Беларусі. Пажадала моцнага здароўя, дабрабыту, плённай працы на карысць нашай рэспублікі, эмоцый, святочнага настрою. Заклікала ўключыцца ў працу па добраўпарадкаванні роднага горада. Былі віншаванні са святам і ад кіраўнікоў грамадскіх арганізацый. А затым усе дружна ўзяліся за працу. Намаганнямі прысутных на пустыры, на месцы былога Дома піянераў, быў закладзены Зялёны лабірынт. У ім 180 туй, прывезеных з гадавальніка Куранецкага лясніцтва Вілейскай доследнай лясной гаспадаркі.
Як патлумачыў галоўны інжынер Мядзельскай ЖКГ Аляксей Шашок, праходы ў лабірынце складаюць адзін метр. Па меры росту і фарміравання зялёныя насаджэнні будуць знутры пастаянна падстрыгацца, што і дазволіць захоўваць праходы паміж раслінамі на вызначанай адлегласці. А ўвогуле на гэтым участку высаджана 360 туй. Так што яшчэ адзін прыгожы сквер атрымаўся ў райцэнтры.
Источник: http://narachanka.by/